Автор материала Александра Дорская для http://budzma.org/ Фото: Зарина Кондратьева, Антон Шкраба. 

Сотні дызайнерскіх штучак былі раскупленыя наведнікамі Central Fashion Market, каб ужо зусім хутка стаць нечымі каляднымі ды навагоднімі падарункамі. У гэтую нядзелю клуб Мулен Руж, дзе адбываўся модны гандаль, наведала каля 2 тысяч чалавек. Дызайнерскія валёнкі, экстравагантны камбінезон, лямцавая шапка са смешнымі вушамі, фіялетавае пяро ў галаву альбо драўляны конь – ніколі не ведаеш, з чым адтуль выйдзеш.

У чырвоных інтэр’ерах Мулен Руж сабралася больш як 70 дызайнераў, сярод якіх каля 30 стваральнікаў брэндаў адзення. Модніцы хуталіся ў паліто ад My Happy Dress і адмаўляліся іх здымаць, так і сыходзячы прэч, прымяралі спадніцы з прынтом у вочныя яблыкі ад дызайнеркі Антаніны Ясніцкай і знаходзілі швэдар свайго дзяцінства ў асартыменце вінтажнай крамы PinSpool. Пастаянныя наведнікі модных маркетаў ужо маюць улюбёных беларускіх мадэльераў і адразу шукаюць стойкі з іх адзеннем. Арганізатарка CentralFasionMarket Ганна Цэмкала распавяла нам пра сваіх фаварытаў: «Асабіста мне даспадобы жаноцкія сукенкі з добрым кроем Yana Kovich, люблю Вольгу Кучарэнку за яе канцэптуальнасць, адзенне не для ўсіх, у якім бачная душа і почырк дызайнера, а таксама Юлію Бабій, якая робіць цудоўныя невялікія калекцыя, каторыя імгненна распрадаюцца».

Мужчынскае адзенне прадстаўляюць тры брэнды – PaRus Jeans, Gotti і дызайнерка Людміла Тараканава, якая ўдзельнічала ў маркеце ўпершыню.

Але нават не набываючы сукенкі і паліто, наведніцы мелі ўсе шанцы ўпасць у лёгкі транс, разглядаючы распісных коцікаў, лямцавых рыбак, каляровыя каўнерыкі, бясконца прымяраючы пярсцёнкі з палімернай гліны і абкручваючы вакол рукі скураныя бранзалеты.

Калі ж разгаварыцца з дызайнерамі аксэсуараў і сувеніраў, якія размеркаваліся на другім паверсе, можна даведацца, што некаторыя доўгі час успрымалі свае вырабы як хобі, а паслягэта стала іх асноўнай справай, не ў апошнюю чаргу з-за таго, што на падобных мерапрыемствах яны змаглі знайсці свайго пакупніка. Напрыклад, усмешлівая дзяўчына Алена, якая сядзіць у атачэнні драўляных ласёў і коняў на палачцы з дзяцінства нашых бацькоў, раней працавала рэпетытаркай па нямецкай мове, а цяпер выразае цацкі пад брэндам WoodenFind.

Читать далее Автор Александра Дорская