Central Fashion Market: дызайн поўнага цыкла

Мінскія моднікі і модніцы сабраліся на ўжо традыцыйны Central Fashion Market, які прайшоў 11 снежня ў кавярні LOFT.

Напярэдадні навагодніх святаў гэтае мерапрыемства асабліва актуальнае, бо тут можна не толькі падабраць сабе новы ўбор ад маладых беларускіх дызайнераў, але і выбраць арыгінальныя і цікавыя падарункі для родных і сваякоў.

У трэцім маркеце дызайнерскага адзення і аксесуараў (першы прайшоў летам) узялі ўдзел каля пяцідзесяці экспанентаў. Тут былі прадстаўленыя мадэлі дызайнерскага дуэта PaRus, My happy dress, Вольгі Кардаш, Наталлі Цуран, Вольгі Кучарэнка, Людмілы Лабковай, дызайнераў аксесуараў Настассі Сабінай, Killtoday, Vita Gordievska, by Ava і шмат іншых.

Мінскім модніцам была дадзеная магчымасць набыць уборы ад дызайнера Таццяны Марыніч, якія яшчэ не былі ў продажы, хоць і ўваходзілі ў калекцыі «Шахматы» і «Нірвана». Не абышлі ўвагай сукенкі і блузы (французскі натуральны шоўк) з леташняй калекцыі «Райскі сад» Андрэя Варашкевіча і некаторыя рэчы, якія яшчэ толькі будуць прадстаўленыя ў яго восеньска-зімовай калекцыі (яе вылучае спалучэнне найтанчэйшых карункаў з ваўнянымі тканінамі).

Мадэльеры Валерыя і Настасся Аксёнавы прапанавалі сукенкі-паліто-трансформеры, якія прадугледжваюць свабодны крой і з дапамогай скураных рамянёў прытальваюцца і мадэлююцца ў адпаведнасці з уласным густам.

«Я ўяўляю сябе гаспадыняй нейкага старажытнага салона, дзе ёсць усякія дзіўныя штукі, антыкварыят, вінтаж. З матэрыялаў вельмі люблю пер’е, косці, мех, пры гэтым імкнуся знаходзіць старыя рэчы, напрыклад, пацеркі, каб у кожнай рэчы была свая гісторыя. Калі трэба каротка ахарактарызаваць маю пакупніцу, то гэта дзяўчына, якой падабаецца вінтаж, шматслойнасць у адзенні, і змешванне стыляў», — расказала аб сваім «Салоне монстраў» дызайнер Маргарыта Сянькова.

Як звычайна ў LOFT, атмасфера была цудоўная: магчымасць выпіць кубачак смачнай кавы, пасядзець спакойна ўбаку і паназіраць, што адбываецца, не сапсавала нават тое, што месца ўдзельнікам відавочна не хапала.

Дызайнерам аксесуараў (сумак, клатчаў, кашалькоў, біжутэрыі (з разнастайных матэрыялаў: ад пер’я і пуху да камянёў і металу), упрыгожанняў з лямцу і натуральнага шоўку), мяккіх цацак, паштовак было крыху прасцей, а прадстаўнікам брэндаў, якія прапаноўвалі модную вопратку, даводзілася працаваць у вельмі складаных умовах. Той колькасці прымерачных, пра якую паклапаціліся арганізатары, відавочна не хапала, а жадаючых прымераць убор, які спадабаўся, было хоць адбаўляй.

Дадаткова ўшчыльняцца даводзілася падчас дэманстрацыі калекцый, калі трэба было арганізаваць калідор праз усю залу (ад прымерачных да сцэны). Наведнікі пазнаёміліся з калекцыяй Алены Лебанюк, характэрнымі рысамі якой можна назваць яркія колеры, вытанчаныя сілуэты і тканіны, што струменяць. Наступнай была прэзентацыя калекцыі хатняга дызайнерскага адзення для сну і адпачынку ад Ka.Vu — такой цёплай, мяккай і ўтульнай, што любая зіма не страшная!

Як кажуць арганізатары, «Central Fashion Market — праект, які, з аднаго боку, падтрымлівае і развівае маладых беларускіх дызайнераў, а з другога — упэўнена даказвае патэнцыйным пакупнікам, што дызайнерскае адзенне — гэта прыгожа, якасна, разнастайна і, нарэшце, даступна».

Мяркуйце самі: упрыгожанне можна было набыць за 45 тысяч, «цёпленькія» гальштукі-матылькі — ад 30 да 120, бранзалеты з натуральных камянёў — 100, са скуры — 90, шматколерны шалік, які можна выкарыстоўваць як цюрбан, — 350 тысяч, бранзалет з латуневай сеткі з кальцом — 50 даляраў, невялікія аўтарскія шалікі, выкананыя ў тэхніцы «мона-лямец», ад Аляксандры Гірас — 300 тысяч, жаночае паўсядзённае адзенне з трыкатажу ад Юліі Ачыновіч — ад 200 да 650, а цёплыя тунікі — у межах 300 тысяч, выдатныя дызайнерскія сумкі з натуральных матэрыялаў ад Макса Міронава — за 60-70 даляраў (дарэчы, да канца дня з усіх прадстаўленых мадэляў Макса заставалася толькі дзве рэчы, крызіс, аднак!). Цікава, а ці можна купіць у любой краме сукенку-футляр за 480 тысяч? А на Central Fashion Market гэта было цалкам магчыма!

+ фота http://budzma.org/ Зарына Кандрацьева

Central Fashion Market: дызайн поўнага цыкла